Тэма 9. СПРЭЧКА ЯК РАЗНАВІДНАСЦЬ МАЎЛЕНЧАЙ КАМУНІКАЦЫІ
У спрэчцы нараджаецца ісціна. У гэтым афарызме падкрэсліваецца вялікае значэнне спрэчкі ў жыцці, навуцы, у дзяржаўнай і грамадскай дзейнасці. Спрэчка – гэта слоўнае спаборніцтва пры абмеркаванні чаго-небудзь, у якім кожны з бакоў адстойвае сваё меркаванне, сваю правату.
Улічваючы разнастайнасць спрэчак, даследчыкі прапануюць сістэматызаваць іх.
- Спрэчка, у якой імкнуцца знайсці ісціну, мае шэраг асаблівасцей. У ёй неабходна супаставіць розныя пазіцыі для вырашэння той ці іншай праблемы. Абараняючы тую ці іншую думку, палемісты высвятляюць, якія пярэчанні могуць прагучаць супраць яе і наколькі яны пераканаўчыя. Аспрэчваючы думку, выказаную апанентам, можна высветліць, якія доказы вылучаны на яе карысць. Спрэчка дзеля сумеснага пошуку ісціны дастаўляе яе ўдзельнікам задавальненне, становіцца для іх “інтэлектуальным балем”. У такой спрэчцы чалавек спазнае свае інтэлектуальныя магчымасці, набывае новыя веды. І нават калі даводзіцца “здаць пазіцыю”, чалавек не адчувае болю ад паражэння, як гэта бывае, калі ўдзельнікі ўспрымаюць спрэчку як спорт.
- Мэтай спрэчкі можа быць не праверка ісціны, а перакананне апанента ў сваім пункце гледжання. Той, хто спрачаецца, даказвае тое, у чым сам глыбока перакананы. Аднак бывае і так, што матывы пераканання звязаны са службовымі абавязкамі апанента. І тады дзейнічае прынцып “так трэба” ў інтарэсах фірмы. Той, хто пераконвае, пры гэтым зусім не верыць у праўдзівасць таго, што абараняе, або ў памылковасць пазіцыі апанента.
- Часам мэтай спрэчкі можа стаць не праверка ісціны, не перакананне, а перамога. Сярод удзельнікаў спрэчкі сустракаецца катэгорыя людзей, якім патрэбна толькі перамога. Да поспеху яны імкнуцца па розных прычынах. Адным патрэбныя лаўры і слава “непераможнага палеміста”, самасцвярджэнне і прызнанне іншых людзей. Іншыя любяць заўсёды і ва ўсім перамагаць. Такія людзі не саромеюцца ў прыёмах, заяўляючы што “пераможцаў не судзяць”. Яны любяць эфектныя перамогі на вачах аўдыторыі. Звычайна такіх лаўраў шукаюць прадстаўнікі партый у мітынгавых выступленнях, місіянеры ў гутарках з сектантамі. З тэзісам, з довадамі ў спрэчцы яны не цырымоняцца: усё роўна, чым разбіць праціўніка.
Што аб’ядноўвае два апошнія тыпы спрэчкі? І ў спрэчках для пераканання, і ў спрэчках для перамогі палемісты, не клапоцячыся пра логіку і довады, імкнуцца да вострых слоўных выпадаў, іграюць на эмоцыях і пачуццях слухачоў, выкарыстоўваюць багаты арсенал прамоўніцкага мастацтва.
- Спрэчка дзеля спрэчкі падабаецца палемістам, для якіх важны сам працэс спрэчкі. Ім усё роўна, з кім і навошта спрачацца. Калі вы выказваеце адзін пункт гледжання, яны абавязкова выкажуць процілеглы і пачнуць горача абараняць яго. Казаць пра логіку ў такіх выпадках не даводзіцца: даказанае сёння заўтра будзе абвяргацца з такой жа гарачнасцю. Часта такіх спрачальнікаў можна сустрэць сярод моладзі.
- Спрэчка-гульня (практыкаванне ў спрэчцы). Яна ў чыстым выглядзе ў наш час практычна не сустракаецца, але ў старажытным свеце, асабліва ў Грэцыі, гэты від спрэчкі быў папулярны. Гэта своеасаблівы дыялог, у якім адзін з суразмоўцаў толькі задае пытанні, другі – толькі адказвае. Пытанне прадугледжвае толькі простыя адказы “так” ці “не”. Той, хто пытаецца, мае на мэце прывесці суразмоўцу да супярэчнасці з самім сабой. Такая спрэчка прывучае апанента не адступаць ад тэзіса, узятага для абароны.
Разгледжаная класіфікацыя відаў спрэчкі мае ў вядомай ступені ўмоўны характар, таму што ў спрэчцы можа пераследвацца некалькі мэт адначасова. Жаданне пераканаць у правільнасці сваёй пазіцыі можа быць звязана з імкненнем знайсці ісціну і атрымаць перамогу любым спосабам.
Спрэчка лічыцца паспяховай, калі правільна выдзелены яе прадмет.
У якасці прадмета спрэчкі разглядаюць палажэнні, праўдзівасць якіх выяўляецца шляхам супастаўлення розных пунктаў гледжання.
Якасць спрэчкі, яе выніковасць шмат у чым залежаць ад колькасці людзей, якія прымаюць удзел у абмеркаванні праблемы. У сувязі з гэтай прыметай можна вылучыць такія галоўныя групы: спрэчка-маналог (чалавек у барацьбе з самім сабой спрабуе знайсці правільнае рашэнне); спрэчка-дыялог (класічная палеміка дзвюх асоб); спрэчка-палілог (вялікая група людзей абмяркоўвае сур’ёзную праблему). Спрэчка-палілог лічыцца “масавай”, калі ўсе ўдзельнічаюць у спрэчцы. Калі ж праблему абмяркоўвае пэўная група людзей у прысутнасці пасіўнай аўдыторыі, то такая спрэчка называецца групавой. Спрэчкі-палілогі сталі неад’емнай часткай жыцця сучаснай Беларусі і Расіі. Тут тон задае тэлебачанне сваімі шоу з папулярнымі вядучымі. Важныя пытанні грамадска-палітычнага, навуковага, духоўнага жыцця выносяцца на ўсенароднае абмеркаванне.
І гэта спрэчкі не дзеля спрэчак, а дзеля атрымання максімальна эфектыўнага выніку, бо запрашаюцца да сумеснага пошуку ісціны прафесіяналы. Сэнс палемікі – знайсці аптымальны, лепшы для насельніцтва краіны варыянт вырашэння праблемы.
Спрэчкі могуць праходзіць пры слухачах і без іх. Характар спрэчкі, яе зыход шмат у чым залежыць ад гэтага фактару. Прысутнасць слухачоў негатыўна дзейнічае на людзей самалюбных, уражлівых: паражэнне становіцца прыкрым, пакутлівым.
Удзельнікі спрэчкі пры слухачах старанна падбіраюць довады, улічваючы рэакцыю публікі, яе настрой.
У грамадскім жыцці вельмі часта сустракаецца спрэчка для слухачоў. Палемісты імкнуцца не да ісціны, а да таго, каб пераканаць слухачоў, зрабіць на іх уражанне.
Форма спрэчкі можа аказаць сур’ёзны ўплыў на яе выніковасць.
Вылучаюцца вусныя і пісьмовыя спрэчкі. У вуснай спрэчцы, якая вядзецца пры слухачах, важную ролю адыгрываюць знешнія і псіхалагічныя фактары. Вялікае значэнне мае манера трымацца і гаварыць, знаходлівасць, хуткасць мыслення. Безумоўна, нясмелы, сарамлівы чалавек заўсёды прайграе ў параўнанні з самаўпэўненым, дзёрзкім праціўнікам.
Калі ўдзельнікі спрэчкі роўныя па сілах, перамагае той, хто хутчэй думае, па слова ў кішэню не лезе. Слухачы цэняць уменне гаварыць трапна і дасціпна.
Пісьмовая спрэчка значна больш прыдатная для высвятлення ісціны, чым вусная, хоць і пісьмовая спрэчка мае недахопы. Яна часам цягнецца некалькі гадоў. Чытачы, а часам і самі ўдзельнікі спрэчкі паспяваюць забыць асобныя палажэнні. Сітуацыя ўскладняецца, калі спрэчка вядзецца на старонках двух або некалькіх розных выданняў. Чытачам становіцца вельмі цяжка сачыць за ходам спрэчкі.
Спрэчкі дзеляцца на арганізаваныя і неарганізаваныя. Да арганізаванай спрэчкі падрыхтоўка плануецца. Пад кіраўніцтвам спецыяліста палемісты загадзя знаёмяцца з прадметам спрэчкі, падбіраюць неабходны матэрыял, аргументы, прадумваюць адказы на меркаваныя пярэчанні апанента. Аднак не выключана магчымасць стыхійнага ўзнікнення спрэчкі пры абмеркаванні якіх-небудзь праблем, звязаных, напрыклад, з вучобай, выхаваннем, з рашэннем бытавых або вытворчых пытанняў. Выступы апанентаў у такіх спрэчках не бываюць досыць пераканаўчымі, а довады нярэдка выглядаюць выпадковымі. У гэтых выпадках не варта прымаць паспешлівых рашэнняў, трэба даць час апанентам, каб яны абгрунтавалі сваю пазіцыю.
Узровень культуры апанентаў, іх кампетэнтнасць, прафесіяналізм, жыццёвы вопыт маюць вырашальнае значэнне для паспяховага завяршэння спрэчкі.
Публічная спрэчка як калектыўны метад пошуку ісціны атрымала тэарэтычнае развіццё і практычнае прымяненне яшчэ ў эпоху Антычнасці. У Старажытнай Грэцыі вылучалася два віды спрэчкі: дыялектычная і сафістычная, прычым пад дыялектыкай разумелася мастацтва вядзення гутаркі, спрэчкі. Для публічнага абмеркавання грамадскіх праблем, надзённых пытанняў антычныя філосафы выкарыстоўвалі дыялог, выкладаючы свае думкі ў форме пытанняў і адказаў. Яны вылучылі вучэнне аб усеагульнай адноснасці: пра кожную з’яву можна выказваць супрацьлеглыя меркаванні, у спрэчцы кожны можа абараніць свой пункт гледжання. Гэта самы эфектыўны спосаб набыцця ведаў, калі ў разважанні, у сумесным абмеркаванні праблем нараджаецца ісціна.
Першым стаў ужываць дыялог філосаф Пратагор. Ён быў вядомы ў Грэцыі як вялікі майстар спрэчкі, арганізатар публічных дыспутаў, якія выклікалі вялікую цікавасць. Пазней дыялог як асноўны метад знаходжання ісціны стаў выкарыстоўваць у сваёй практыцы Сакрат. Ён быў блізкім да народа мудрацом, філасофстваваў на вуліцах і плошчах, усюды ўступаў у спрэчкі. З твораў гісторыка Ксенафонта і філосафа Платона мы даведваемся пра жыццё гэтага незалежнага, іранічнага, унікальнага мысляра.
Усё жыццё Сакрат прысвяціў пошуку ісціны пры дапамозе гутарак і спрэчак. Метад дыялектычных спрэчак Сакрата зводзіўся да выяўлення супярэчнасцей у развагах суразмоўцы і высвятлення ісціны з дапамогай пытанняў і адказаў. У спрэчках Сакрат імкнуўся даказаць мэтазгоднасць і разумнасць свету і чалавека. Калі сафісты грэбавалі ісцінай, то Сакрат зрабіў яе “сваёй каханай”. Сафісты прэтэндавалі на усёведанне, а Сакрат сцвярджаў, што “ведае толькі тое, што нічога не ведае”.
Тэмы дыялогаў Сакрата дзівяць значнасцю пастаўленых у іх праблем. Багацце і беднасць, цноты і заганы, свабода і абавязак, веданне і няведанне, душа і цела – гэта далёка не поўны пералік тэм, якія абмяркоўваў Сакрат са сваімі суразмоўцамі. Прымушаючы людзей думаць і сумнявацца, Сакрат вучыў задумвацца над сэнсам і зместам кожнага паняцця. Ён змагаўся не толькі з сафістыкай, але і з сафістычнымі дэфармацыямі ў спрэчцы.
Калі ўзніклі новыя выбарныя ўстановы – народныя сходы і суды, з’явілася патрэба ў падрыхтоўцы людзей, якія валодаюць мастацтвам палітычнага і судовага красамоўства. Кожны свабодна народжаны грэк мог падняцца да вяршыняў палітычнай улады, авалодаўшы сілай пераканаўчага слова. Сафісты давалі не толькі патрэбны “мінімум” ведаў па пытаннях палітыкі і маралі, але і вучылі абараняць і абвяргаць любыя палажэнні, выкарыстоўваючы свае метады спрэчкі. Сафісты распрацавалі тэхніку спрэчкі для дагаджэння імгненным настроям натоўпу.
У Старажытнай Грэцыі гэта спрэчка атрымала назву эўрыстычнага мастацтва. “Методыка” навучання гэтай спрэчцы выглядала прыкладна так.
Сафіст-настаўнік прыдумваў практыкаванні для трэніроўкі розуму сваіх вучняў. Вучні, разгадваючы сафістычныя хітрыкі, развівалі свае здольнасці супрацьстаяць несумленным прыёмам праціўніка. Практычна такія спрэчкі ўяўлялі сабой дэманстрацыю віртуознасці ў славесным мастацтве. Сафісты навучалі прыёмам пераканання і доказу незалежна ад праўдзівасці палажэнняў, якія даказваюцца, і пры гэтым выкарыстоўвалі “недарэчныя” хады думкі. Напрыклад: “Тое, што ты не страціў, ты маеш; ты не страціў рогі, такім чынам, ты іх маеш”. Сафісты былі перакананыя, што можна даказаць што заўгодна і таксама што заўгодна абвергнуць. Пошук ісціны ўдзельнікаў спрэчкі не цікавіў. Мэтай такіх спрэчак была перамога над праціўнікам. Арыстоцель лічыў вучэнне сафістаў псеўдадыялектыкай. Рэзкім адказам сафістыцы з’яўляецца праца Арыстоцеля “Аб сафістычных абвяржэннях”. Аўтар падкрэслівае, што сафістычныя абвяржэнні варта лічыць не лагічнымі, а фальшывымі доказамі і высновамі. Выкарыстоўваючы катэгорыі “сапраўднае” і “ўяўнае”, Арыстоцель прыводзіць параўнанне: “Бываюць сапраўдныя срэбра і золата, і сустракаюцца прадметы, што па колеры нагадваюць гэтыя каштоўныя металы. Гэтак жа і адны высновы і абвяржэнні сапраўдныя, а іншыя не, але здаюцца такімі” [14, с. 120].
Культура вядзення спрэчкі абавязвае дасведчанага палеміста добра прадстаўляць свайго саперніка. Чалавек, пра якога мы нічога не ведаем, як правіла, становіцца цяжкім суразмоўцам, і мы рызыкуем натыкнуцца на моцную і непрадказальную абарону і атаку.
Вельмі важным з’яўляецца паважлівае стаўленне да чужых прынцыпаў, меркаванняў. На жаль, сустракаюцца людзі, якія лічаць сябе заўсёды правымі, а суразмоўцу – некампетэнтным чалавекам.
Няўменне слухаць – праява эгацэнтрызму (калі ўся ўвага канцэнтруецца на сабе). Эгацэнтрызм, як і эгаізм (“Свая кашуля бліжэй да цела”), ствараюць псіхалагічны бар’ер у зносінах. Калі дадаць да гэтага яшчэ і іншыя чалавечыя заганы (недысцыплінаванасць, несумленнасць, грубасць), то становіцца зразумела, чаму так важна ў спрэчцы “прагназаваць” свайго саперніка і “прачытваць” сітуацыі зносін. Імкненне дамагчыся ісціны патрабуе грунтоўнай гатоўнасці да славеснай дуэлі.
Абарона ўласнай пазіцыі складаецца не столькі ва ўменні адстойваць свае ідэі ад крытыкі апанентаў, колькі ў гатоўнасці наносіць у адказ удары па слабых месцах у іх развагах. У палеміцы трэба ўмець карыстацца прыёмам канструктыўнай крытыкі. Але толькі ўважліва слухаючы суразмоўцу, можна выявіць слабыя месцы у яго выступе для контрудару. Гэта могуць быць няўдалыя аналогіі, прадузятыя меркаванні, сафістычныя хітрыкі і г. д. У доказах саперніка прамоўца павінен выявіць гэтыя заганы і перайсці ад абароны да нападу. Мы выкарыстоўваем ваенную тэрміналогію не выпадкова: у сімвале старажытнай рыторыкі была муза, якая трымала меч і шчыт – даспехі сапраўднага прамоўцы. Цыцэрон параўноўваў прамоўніцкае мастацтва з вайсковым. Паспяхова абараняць сваю пазіцыю – не азначае, што трэба ісці ў бой “з адкрытым забралам”. Тут важна выконваць умовы, выпрацаваныя ў шматвяковай практыцы спрэчкі:
– трэба даць магчымасць апаненту выказацца да канца, не ўмешваючыся ў ход разваг;
– важна зразумець пункт гледжання суразмоўцы, каб супаставіць яго са сваім. Усё пазнаецца ў параўнанні, а ў спрэчцы – у асаблівасці;
– не варта рабіць кампліменты суразмоўцу і пасля гэтага адразу крытыкаваць яго;
– заўсёды трэба лічыцца з самалюбствам чалавека, не трэба дэманстраваць ўрачыстасць пераможцы, калі фартуна апынулася добразычлівай да вас. Павінна выяўляцца і ўнутраная, і знешняя стрыманасць;
– прызнаць свае памылкі, паражэнне ў спрэчцы, мабыць, самае цяжкае для ўдзельніка спрэчкі. А рабіць гэта трэба стрымана, хутка, без ваганняў.
Вельмі важнай якасцю ў любой спрэчцы, як і ў жыцці, з’яўляецца цярпенне. Часам нашы думкі апярэджваюць словы і фразы. Суразмоўцу не варта прыспешваць, падганяць. Адны спрэчкі вядуцца па-джэнтльменску, іншыя па прынцыпе “На вайне як на вайне”, трэція – проста па-хамску. Несумненна, што прыярытэт належыць джэнтльменскай спрэчцы. У ёй не дапускаецца ніякіх недазваляльных прыёмаў.
Тут спрачальнік ставіцца да саперніка з павагай, не апускаецца да высмейвання, грэблівага тону, кпінаў, грубасцяў або недарэчнай вастрыні. Ён надае сур’ёзнае значэнне довадам.
Контрпрыёмы супраць несумленных метадаў вядзення спрэчкі наступныя:
- Спрачацца можна толькі пра тое, што добра ведаеш.
- Без прычыны ніколі не ўступаць у спрэчку з “віртуозамі” (ашуканцамі) слова.
- Неабходна вучыцца трымаць спрэчку ў памяці, хутка знаходзіць адказы, ісці за тэзісам саперніка, не дапускаць яго падмены, сыходу ад тэмы.
- Захоўваць спакой і поўнае самавалоданне ў спрэчцы [14, с. 161–169].
Вылучаюць наступныя прыёмы абароны ў спрэчцы. Папулярны прыём – эфектнае параўнанне.
Французскі бактэрыёлаг Луі Пастэр даследаваў у сваёй лабараторыі культуру бактэрыі воспы. Нечакана да яго з’явіўся незнаёмы і прадставіўся секундантам аднаго вяльможы, якому здалося, быццам вучоны абразіў яго, і ён патрабаваў дуэлі. Пастэр спакойна выслухаў пасланца і прапанаваў: “Раз мяне выклікаюць, я маю права выбраць зброю. Вось дзве колбы: у адной – бактэрыі воспы, у другой – чыстая вада. Калі чалавек, які даслаў Вас, пагодзіцца выпіць адну з іх, я вып’ю іншую”. Праціўнік Пастэра апынуўся перад дылемай: з аднаго боку, дуэль на пісталетах, дзе шанцаў застацца ў жывых столькі ж, колькі і загінуць. Дуэль “нетрадыцыйная”, пагражала небяспечнай і невылечнай хваробай. Можна сказаць, што нечаканая зброя, прапанаваная навукоўцам, аказалася настолькі жахлівай, што адчайны дуэлянт спалохаўся, і дуэль не адбылася. Трэба адзначыць знаходлівасць вучонага, які прапанаваў праціўніку ў думках параўнаць два віды зброі, прапанаваныя для паядынку. Пры гэтым Пастэр нават не стаў аналізаваць само абвінавачванне як падставу да дуэлі.
Прыём кантраснага супастаўлення ацэнак з’яўляецца разна-віднасцю эфектнага параўнання. Падзея паўстае як на кінаплёнцы – аб’ёмна і рэльефна адкрываецца праблема, якая раней не заўважалася.
Параўноўваючы Хрушчова з Брэжневым, Ніксан робіць акцэнт на дэталі. Дрэнна пашыты касцюм першага, элегантна пашыты – другога. Хрушчоў любіў качынае паляванне і прымаў у ім актыўны ўдзел. Брэжнеў аддаваў перавагу паляванню на буйную дзічыну, але рабілі за яго ўсю “чорную працу” паляўнічыя. Ён толькі страляў са стрэльбы з аптычным прыцэлам.
Прыём аўтарскага каментару служыць для выкрыцця дэмагагічных заяў, падтасовак, ілжывых аналогій, сафізмаў. Тэхніка выкарыстання гэтага прыёму такая: спачатку прыводзіцца выказванне з прамовы апанента або цытата з яго публікацыі. Удзельнік спрэчкі выяўляе ў іх вельмі ненадзейныя довады і аналізуе ход разваг аўтара, раскрывае прычыны спекулятыўных падтасовак, паказвае нелагічнасць высноў, а часам і абсурднасць сцвярджэнняў. Пры гэтым важна паказаць непрыстой-насць апанента і яго аднадумцаў, асабістыя інтарэсы для якіх аказваюцца важнейшымі за дзяржаўныя.
Звернемся да аднаго вельмі павучальнага прыкладу.
Артыкул пісьменніка Валянціна Распуціна “Што маем...” прысвечаны праблеме выратавання Байкала. У лютым 1987 г. была створана Дзяржаўная камісія для падрыхтоўкі прапаноў па ахове возера. В. Распуцін піша: “Старшыня камісіі, старшыня Дзяржплана СССР М. У. Талызін пры абмеркаванні байкальскай праблемы ў Іркуцку без залішняй дыпламатыі сказаў: «Цяпер і дурному ясна, што цэлюлозны камбінат на Байкале нельга было будаваць». А між тым галоўны і пастаянны абаронца не Байкала, як варта было б чакаць ад вучонага, а камбіната акадэмік М. М. Жаваранкаў сядзеў перад М. У. Талызіным на пасяджэнні апошняй камісіі і зноў вырашаў лёс Байкала... Аказваецца, варэнне цэлюлозы толькі палепшыць байкальскую ваду, таму што ў сваім прыродным выглядзе яна слаба мінералізаваная і піць яе шкодна. «Знаходлівасць» навукоўцаў сапраўды захапляе. Былы партыйны работнік у Іркуцку П. Кацуба з трыбуны абвінавачваў абаронцаў Байкала ў спрыянні імперыялізму. Вось так: не больш і не менш... Хто супраць цэлюлознага камбіната, той вораг бурацкага народа”.
Але ў спрэчку ўмяшалася сама прырода, яна і спыніла “высокую” дыскусію... Вось справа рук камбіната: гібель эпішуры, асноўнага біялагічнага ачышчальніка байкальскай вады, і іншых эндэмічных відаў. Знакаміты омуль удвая страціў у вазе і росце. Дзясяткі тысяч гектараў лесу ўсыхае ад паветраных выкідаў і сотні тысяч гектараў лясоў пашкоджаны.
У выніку гэтай спрэчкі перамог здаровы сэнс, дзякуючы ўмеламу выкарыстанню рытарычных прыёмаў, якія дапамаглі пераканаць апанентаў у іх неправаце.
У якасці эфектнага прыёму нейтралізацыі праціўніка і адначасова спробы ўхіліцца ад спрэчкі з’яўляецца контрпытанне. Гэта прыём інтэлектуалаў, якія ўмеюць выключыць магчымасць крытыкі і спыніць развіццё дыялогу.
Вядомая такая гісторыя. Аднойчы да французскага матэматыка і філосафа Жана д’Аламбера (1717–1783) з’явіўся нейкі вынаходнік, трымаючы ў руках машыну, якая, па яго словах, магла сама сябе прыводзіць у рух без усялякай апоры на іншыя целы.
– Стала быць, Вы сцвярджаеце, што Ваша машына будзе рухацца ў абраным Вамі кірунку нават у свеце, пазбаўленым ўсіх іншых цел, якія ёй проста непатрэбныя? А як ваша машына высветліць, дзе “наперад”, а дзе “назад”, калі акрамя яе наогул нічога няма на свеце?
На контрпытанне вынаходнік адказаць не змог, а д’Аламбер тут жа запісаў у сваім знакамітым трактаце “Дынаміка”: “Цела не можа само сябе прывесці ў рух, бо няма ніякай падставы да таго, каб яно рухалася пераважней у адзін бок, чым у іншы”.
Прыём лавіць на слове выглядае “накаутуючым” ударам у кульмінацыі палемікі. Асабліва дастаецца аратарам-папулістам і дэмагогам.
На адным з мітынгаў КПРФ прамоўца, лідар партыі, пачаў сцвярджаць, што неабходна рэзка змяніць курс цяперашняга ўрада, бо гэты шлях у нікуды. Камуністы прапануюць самы рэальны шлях выратавання краіны: патрэбныя рэформы ў адукацыі, медыцыне, прамысловасці. Прамоўца прыводзіў пераканаўчыя лічбы, факты. Здавалася, што ён захапляўся ўласнай прамовай. Але падчас паўзы хтосьці папрасіў дазволу задаць пытанне.
– Мы нікога не пазбаўляем слова, і гатовыя адказаць на любое пытанне, – велічна дазволіў выступоўца.
– Вось я, студэнт, хачу спытаць, хто вам, камуністам, перашкаджаў у рэалізацыі вашых планаў на працягу сямідзесяці гадоў. Хто пойдзе ўслед за тымі, хто ўзаконіў у краіне масавыя расстрэлы, шукаў ворагаў і здраднікаў сярод уласнага народа, хто пасеяў жывёльны страх і распладзіў даносчыкаў? Няўжо вы не зразумелі, што песенька ваша праспяваная?
Прамоўца пакрыўся выпарынай, кроў прыхлынула да яго твару. Некалькі секунд ён не знаходзіў, што адказаць. А потым гнеўна закрычаў у мікрафон. Гэта быў крык адчаю – адказ прамоўцы, пацярпелага паражэнне.
Адзін з самых дзейсных прыёмаў – зваротны ўдар (бумеранг). Сэнс яго ў тым, што сказанае супраць вас вы звяртаеце супраць апанента. Тут патрабуецца хуткая рэакцыя і знаходлівасць. Гэты прыём выдатна ілюструе вядомая ўсходняя прытча.
Ішарлі-хан любіў кпіць з прыдворных. Аднойчы ён убачыў, што ў мудраца Кеміне моцна распухла вуха. Хан тут жа насмешліва сказаў: “Кеміне, ты што, у ішака ўзяў вуха?”
– Так, мой хан, – адказаў мудрэц. – Бо розум яго ўзялі вы, а мне толькі гэта і дасталася.
Прыём гнеўнага пярэчання апаненту. У палітычных дэбатах, у дыпламатычных гутарках часам узнікае неабходнасць пакараць залішне самаўпэўненага саперніка. Так, у запісках Кацярыны Дашковой прыведзены фрагмент яе гутаркі з аўстрыйскім канцлерам (гаворка ішла пра ролю Пятра I у гісторыі Расіі).
– Хіба Вы не лічыце, княгіня, што ён зблізіў Расію з Еўропай і што пра яе даведаліся толькі з часу Пятра I?
– Вялікая імперыя, князь, якая мае такія невычэрпныя крыніцы багацця і магутнасці, як Расія, не мае патрэбы ў збліжэнні з кім бы там ні было. Такая грозная краіна, як Расія, правільна кіруемая, прыцягвае да сябе каго хоча. Калі Расія заставалася невядомай да таго часу, пра які вы кажаце, ваша светласць, гэта даказвае – прабачце мяне, князь – толькі невуцтва або легкадумнасць еўрапейскіх краін, якія ігнаруюць такую магутную дзяржаву.
На пытанне суразмоўцы часам адказваюць контрпрыкладам.
Гэта апраўдана, калі вы не хочаце адказваць апаненту, імкнучыся схаваць тую ці іншую інфармацыю. Пры гэтым нярэдка звяртаюцца да жарту, спасылаючыся на падзею, вядомую ўсім удзельнікам спрэчкі. Гэта не толькі тактоўны сыход ад пытання, але і дэманстрацыя гнуткасці мыслення. Тут на першае месца выходзяць асацыяцыі. Вось як скарыстаўся гэтым прыёмам дасціпны прамоўца.
У гутарцы з касманаўтам A. A. Ляонавым на сустрэчы ў ЗША адзін з рэпарцёраў заўважыў: “Ці не занадта дорага абыходзіцца даследаванне космасу?”
“Вядома, дорага. Напэўна, і іспанскай каралеве было шкада грошай на экспедыцыю Калумба. Але яна дала іх. І хто ведае, ці адкрылі б Амерыку, калі б каралева пашкадавала сродкаў”.
Усе смяюцца, апладзіруюць. І гучней за ўсіх рэпарцёр [14, с. 149].
Шлях да пазнання ісціны пачынаецца з пытанняў. Уменне ставіць разнастайныя пытанні і лагічна адказваць на іх – важная прымета гнуткасці розуму чалавека. У спрэчцы з дапамогай пытанняў можна дамагчыся вырашэння істотных задач: а) абмяняцца думкамі; б) высветліць пазіцыю апанента, прымусіўшы яго цалкам раскрыцца; в) узяць ініцыятыву ў свае рукі і ўтрымліваць яе на працягу спрэчкі і г. д., аднак далёка не заўсёды пытанні ў спрэчцы маюць стваральную накіраванасць. У іх можа быць закладзена і разбуральная сіла, калі ўдзельнікі спрэчкі пераследуюць спекулятыўныя мэты: зганьбаваць ідэю саперніка, стварыць тупіковую сітуацыю, блакіруючы абмеркаванне прапаноў і адкрыта навязваючы проціборства. Імкнучыся дасягнуць асабістых, часам карыслівых мэт, да перамогі ідуць прамымі і вакольнымі шляхамі.
Вылучаюцца наступныя тыпы пытанняў.
Пытанне-капкан ставіцца з правакацыйнай мэтай з разліку на тое, што апанент страціць самавалоданне. Лепшы сродак абароны ад такіх пытанняў – іронія, гумар. Прывядзём наглядны прыклад.
Аднойчы на тэлевізійнай прэс-канферэнцыі вядомага кінарэжысёра М. С. Міхалкова спыталі: “Як аўтарытэт бацькі, аўтара гімна СССР, дапамагаў Вам дамагацца поспехаў у жыцці і на прафесійнай ніве? Ці не праўда, што Вам з дзяцінства была адкрыта дарога да славы?” Міхалкоў-малодшы спакойна парыраваў: “Вы ведаеце, Волга цячэ ва ўсе часы, пры любых абставінах. Хачу вам заўважыць, што адзін з маіх прадзедаў – вялікі рускі мастак Васіль Іванавіч Сурыкаў”.
Блакіруючае пытанне задаецца, каб дасягнуць адказаў, якія не адпавядаюць пазіцыі суразмоўцы. Каб думка апанента працавала ў патрэбным нам кірунку, неабходна ўмела фармуляваць пытанні. Пры гэтым блакіруюцца магчымыя альтэрнатывы і адступленні ад вызначанага курсу. Блакіруючае пытанне задаў капітан “знаўцаў” падчас адной з серый гульні “Што? Дзе? Калі?”:
– Ці будзем мы адмаўляцца ад дапамогі клуба, калі наступіла вырашальная стадыя гульні?
Каверзныя пытанні любіў задаваць Сакрат. Падчас суда над ім ён патлумачыў, чаму ўвесь час задаваў іх людзям. Філосафам рухала імкненне абудзіць у суразмоўцах пачуццё справядлівасці і жаданне адхіліць іх ад благіх учынкаў. Сябе ён параўноўваў з аваднём. Свае з’едлівыя ўколы ў спрэчках Сакрат тлумачыў так: ён, як авадзень, закліканы гусці і кусаць, каб дзяржаўныя мужы сумленна служылі грамадству.
Каверзныя пытанні да апанентаў звычайна выкліканы іх дылетанцкім падыходам да справы, а таксама спробамі ўвесці ў зман суразмоўцаў несумленнымі прыёмамі ў спрэчцы. Каб пазбегнуць каверзных пытанняў, трэба быць адкрытым, шчырым у сваіх меркаваннях і ўчынках.
Удакладняльныя пытанні для высвятлення праўдзівасці або памылковасці выяўленага меркавання. Напрыклад, “Ці можна лічыць вінаватымі ў правапарушэннях падлеткаў толькі школьных настаўнікаў?”. Удакладняльныя пытанні дазваляюць атрымаць дадатковыя звесткі аб пазіцыі таго, хто гаворыць: “Якія контраргументы прыводзяць вашы праціўнікі?”; “У чым, па-вашаму, выхад са становішча, якое склалася?” [14, с. 145].
Важна памятаць, што спрэчка – гэта не толькі інтэлектуальнае спаборніцтва, але і паядынак, які патрабуе напружання ўсіх духоўных сіл чалавека, таму вытрымка, стрыманасць – лепшыя паплечнікі ўдзельнікаў спрэчкі. Важна паважаць апанента і не ўступаць у палеміку з праціўнікам, які імкнецца да перамогі любой цаной.